Музей "Панямонь літаратурная"

Прэзентацыя "Этнаграфія роднага краю"

развернуть

Году малой радзімы прысвячаецца...

 

       

   

   

   

свернуть

Культурна-асветніцкая дзейнасць музея "Панямонь літаратурная"

развернуть

Характарыстыка музея

  Літаратурна-этнаграфічны музей “Панямонь літаратурная” ў дзяржаўнай установе адукацыі “Навасвержанская сярэдняя школа”(Мінская вобл., Стаўбцоўскі р-н, в.Новы Свержань, вул.Галавенчыцкая,16, тэл.80179246743) быў заснаваны 18 сакавіка 1998 года. Музей размешчаны ў вучэбным корпусе школы на другім паверсе, для яго адгароджана частка класа плошчай 21м.кв. Кіраўнік музея-Сянкевіч Яніна Раманаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, 1кваліфікацыйнай катэгорыі, педагагічны стаж-23 гады.

  Музей мае наступныя раздзелы экспазіцыі:

1. Панямонь-мястэчка выдатнае.

2. Пісьменнікі-землякі.

3. Якуб Колас і Новы Свержань.

4. Памятныя сустрэчы.

5. У люстры Коласавых твораў.

6. Этнаграфія роднага краю.

   Колькасць экспанатаў асноўнага фонду на 1 студзеня 2018 года складае 137 экспанатаў, колькасць экспанатаў дапаможнага фонду- 60.

   Колькасць наведвальнікаў у 2018 годзе склала 110 чалавек, у 2017 годзе-105.

  У рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і Года малой Радзімы работа Савета музея была накіравана на вывучэнне і асэнсаванне гісторыі і культуры в.Новы Свержань ў мэтах развіцця інтэлектуальных, маральных, культурных і творчых магчымасцей навучэнцаў, выхаванне ў іх нацыянальнай самасвядомасці, далучэнне да нацыянальнай і агульначалавечай культуры. За гэты час на аснове музея праведзены выставы, прысвечаныя юбілейным датам Аляксея Пяткевіча, Максіма Багдановіча, Янкі Лучыны, Якуба Коласа і Андрэя Зязюлі. Матэрыял музея быў выкарыстаны для напісання навукова-даследчых работ: “Своеасаблівае бачанне свету прыроды Якубам Коласам у паэме “Новая зямля”, “Неман-мая рака”, “Мястэчка і яго эканоміка”, “Гісторыя адукацыі ў в.Новы Свержань”, “Новы Свержань у творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў”.Створана завочная краязнаўчая віктарына “Мая любая старонка”, буклет-прэзентацыя музея.

  Музей вельмi дапамагае настаўнiкам пры вывучэннi мовы, лiтаратуры i гiсторыi. Усе вучні неаднаразова наведвалі музей. У школе ёсць традыцыя – вучні першага класа пачынаюць знаёмства са школай з музея. У час бацькоўскіх сходаў музей наведваюць бацькі.

 

 

Апісанне экспазіцыйнай дзейнасці музея

 

     

 

 

  Першы раздзел музея - “Панямонь-мястэчка выдатнае”.

Пад назвай Панямонь Новы Свержань увайшоў у трылогію Я.Коласа “На ростанях”. У раздзеле гаворыцца пра гісторыю мястэчка, а першыя пісьмовыя звесткі пра паселішча адносяцца да 1568 года. З 1582 года мястэчка стала належаць князям Радзівілам, якія ў 1588 годзе заснавалі Петрапаўлаўскі касцёл, а ў 1592 годзе-уніяцкую царкву. Гэтыя гістарычныя помнікі і сёння ўпрыгожваюць паселішча. Новы Cвержань – адно са старэйшых мястэчкаў раёна, мае вельмі багатую гісторыю. Вучні заўсёды з цікавасцю слухаюць пра гісторыю Свержанскай іконы Божай маці, пра першы ў раёне манастыр і духоўную семінарыю, пра помнік героям 1812 года, якія загінулі ў ваколіцах вёскі.

 

Другі раздзел музея-“Літаратурныя старонкі Новага Свержаня”.

 Тут змяшчаецца матэрыял, прысвечаны тым пісьменнікам, лёс якіх звязаны з нашай вёскай. Пашанцавала нашай вёсцы на вядомых людзей! Новы Свержань у розныя гады наведвалі, так ці інакш згадвалі ў сваіх творах рускі пісьменнік Дзяніс Фанвізін, этнограф і краязнаўца Павел Шпілеўскі, беларуска-польскія пісьменнікі Адам Плуг, Вінцэсь Каратынскі, Уладзіслаў Сыракомля, Янка Лучына.

  З Новым Свержанем звязаны і пэўны адрэзак жыцця вядомага паэта Аляксея Пысіна, які на пачатку 50-х гадоў працаваў рэдактарам газеты палітаддзела Навасвержанскай МТС “Уперад да камунізму”. Гады вучобы ў Навасвержанскім пачатковым вучылішчы, пазней гімназіі лучаць з мястэчкам і пісьменніка Алеся Пальчэўскага.

  Антось Галіна-родны брат Якуба Коласа( Міхась Міцкевіч)- пісьменнік-эмігрант жыў у ЗША. Жывучы побач з нашай вёскай, ён не раз наведваўся ў Новы Свержань, меў тут сяброў.

  Алесь Сянкевіч з’яўляецца прататыпам вобраза Алеся Садовіча з трылогіі Я.Коласа “На ростанях”.Гэта ён разам з Лабановічам (прататып Я.Коласа) ішоў са Стоўбцаў дадому ў Мікалаеўшчыну праз Свержань, прайграў мясцовай інтэлігенцыі апошнія рублі, а раніцай, ідучы ўздоўж Нёмана, любуецца прыгажосцю родных мясцін, спевам жаўранка.

  Некаторы час жыў і служыў святаром Петрапаўлаўскага касцёла Андрэй Зяюля(Аляксандр Астрамовіч), беларускі паэт. Андрэй Зязюля быў добра знаёмы з Я.Коласам і Я Купалам. Адна з іх сустрэч адбылася ў жніўні 1912 года ў Новым Свержні ў доме, які захаваўся да нашага часу.

  Наша вёска з’яўляецца радзімай Аляксея Пяткевіча, крытыка і літаратуразнаўцы, прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы.

  Асабліва часта да гэтага раздзела звяртаюцца падчас правядзення тыдняў беларускай мовы, ўрокаў літаратуры, пазакласных мерапрыемстваў, якiя дазваляюць выхаваць у навучэнцаў школы пачуцце павагi да роднай мовы, нацыянальнай спадчыны.

 

  Трэці раздзел музея мае назву “Якуб Колас і Новы Свержань”.

Тут змешчаны матэрыял , які сведчыць аб цеснай сувязі сям’і Міцкевічаў з Новым Свержнем. Асабліва часта сюды наведваўся дзядзька Антось.Пакуль адназначна сцвярджаць нельга, але магчыма, што Новы Свержань мог увайсці ў жыццё Я.Коласа ўжо неўзабаве пасля яго нараджэння.Есць меркаванні лічыць, што маленькага Кастуся хрысцілі ва Успенскай царкве. На жаль, метрычныя кнігі не захаваліся. Крыху падросшы, хлопчык неаднойчы наведваў Свержань і з дзядзькам Антосем, і з бацькам. Праз мястэчка прайшоў шлях юнака ў Нясвіжскую семінарыю, не раз запыняўся тут, едучы на вучобу ці да бацькоў на вакацыі. Наведваўся сюды да сяброў, калі ўжо працаваў настаўнікам на Палессі. Кожны год першы ўрок па трылогіі “На ростанях” пачынаецца ў музеі. Тут вучні знаёмяцца з апісаннем мястэчка Коласам. У дзяцей выклікае гонар тое, што з Новым Свержанем знаёмы ўсе, хто прачытаў трылогію. У музеі знаходзяцца фотаздымкі тых мясцін, што апісаны Коласам. Як правіла, кожную вясну праходзіць экскурсія па вёсцы, вучні павінны ведаць гістарычныя мясціны, помнікі сваёй вёскі, параўнаць, якімі бачыў іх Колас і якімі бачым мы іх. Кожны год вучні дзявятых класаў знаёмяцца з творчасцю беларускага мастака Уладзіміра Сулкоўскага, які стварыў шэраг карцін па творах Якуба Коласа. Карціны Сулкоўскага можна сустрэць у многіх краінах свету: ЗША, Германіі, Аўстраліі. Адна з яго карцін называецца “Вапельная гара”, і маляваў яе мастак у Новым Свержані. Гэта выклікае гонар у вучняў за сваю вёску.  

 

Чацверты раздзел экспазіцыі носіць назву “Памятныя сустрэчы”.

 

Расказвае ён аб найбольш значных наведваннях Я Коласам, ужо вядомым пісьменнікам, нашага мястэчка. Самае працяглае наведванне адбылося ў пачатку сакавіка 1940 года: у клубе ладзілася яго сустрэча з выбаршчыкамі.Якуб Колас быў кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Навасвержанскай выбарчай акрузе.

  Пяты раздзел мае назву “У люстры Коласавых твораў”. Тут змешчаны мастсцкія апісанні Новага Свержаня, узятыя з твораў Коласа.Згадкі пра “мястэчка вельмі выдатнае” знаходзім у шмат якіх творах пісьменніка. Некалькі разоў яго назва сустракаецца ў паэме “Новая зямля”. Але найбольш мястэчка апісваецца ў аўтабіяграфічнай трылогіі “На ростанях” пад назвай Панямонь. У творы можна знайсці дакладнае апісанне шмат якіх гістарычных і геаграфічных аб’ектаў паселішча. Гэта і Трайчаны, і Вапельная, альбо Драздова, гара, і Сіняўскі гай, і Нёман, і Хаімава кузня, і Гнілое балота, і алешнік, і вадзяны млын, і рачулка Жацераўка.

 

 Шосты раздзел экспазіцыі музея носіць назву “Этнаграфія роднага краю”, дзе сабраны старыя рэчы, якімі карысталіся мясцовыя жыхары ў пачатку ХХ стагоддзя. Найбольшую цікавасць у вучняў выклікае раздзел “Этнаграфія роднага краю”. Была праведзена змястоўная пошукавая работа, якая прынесла вялiкi плён – у музеi захоўваюцца экспанаты, якiм больш за сто гадоў. Гэта вышываныя кашулi, ручнiкi, розныя збаны i iншыя цікавыя прадметы побыту беларускага народа. Такiм экспанатам можна пазайздросцiць. Многія прадметы, якімі карысталіся нашы прабабулі і прадзядулі, дзеці  бачаць ўпершыню ў музеі. Ім цікава, для якой справы выкарыстоўваўся той ці іншы прадмет. Вучні прыносяць экспанаты ў музей, рады, што і яны зрабілі свой уклад у патрэбную справу.

 

Вывучэнне жыццёвага і творчага шляху землякоў-літаратараў

  За час існавання музея праведзена наступная работа: даследавалася і вывучалася творчасць і жыццё Уладзіслава Сыракомлі, польскага і беларускага паэта, лёс якога пэўным чынам звязаны з Новым Свержанем. У Мархачоўшчыне ў  1834 – 1840 гадах прайшло яго дзяцінства. Людвіку Кандратовічу (гэта сапраўднае імя паэта) было 11 гадоў, калі яго бацька арандаваў невялікі фальварак з зямельным надзелам у Мархачоўшчыне. З часу пераезда гады са два будучы паэт тут жыў стала, а пасля бываў падчас вакацый, ён тады вучыўся ў Нясвіжы, пасля ў Навагрудку. Хлопчык разам з сялянскімі дзецьмі вадзіў коней на начлег, бегаў да Нёмана, каб паглядзець, як гоняць па ім плыты. Бываў у мястэчку Свержань, вялікае ўражанне выклікаў у яго Петрапаўлаўскі касцёл. Начлежныя вогнішчы, празрыста-ружовыя росныя досвіткі на лузе выклікалі замілаванне адвечным, някідкім хараством нашай зямлі. Гэта пачуццё потым стане вядучым ў творах паэта. А прыгажосць тутэйшых наднёманскіх краявідаў ён пранясе праз усё свае жыццё. У сваёй працы “Падарожжа па маіх ваколіцах” У. Сыракомля падрабязна апісвае мястэчка Новы Свержань другой паловы XIX стагоддзя.

Вынікам вывучэння жыцця і творчасці Уладзіслава Сыракомлі стала работа “Лірнік Наднямоння”.

   Споўнілася 160 год з дня нараджэння беларускага паэта-дэмакрата Янкі Лучыны (Івана Люцыянавіча Неслухоўскага), які нарадзіўся ў Мінску, аднак Наднямонне, вёскі Мархачоўшчына і Новы Свержань таксама цесна звязаны з яго дзяцінствам і юнацтвам. Маці Я. Лучыны арандавала той самы фальварак, які некалі арандаваў бацька У. Сыракомлі. Бацькі Янкі Лучыны часта наведвалі касцёл у Свержані, бываў з імі і Янка Лучына. У адным са сваіх першых вершаў “Раскоша кахання” Лучына звяртаўся да беларускай песні, паяднанай з роднай вёскай па-над Нёманам, як да крыніцы натхнення, услаўляў нёманскія пагоркі. Да юбілею Янкі Лучыны была арганізавана выстава яго твораў і твораў, у якіх гаворыцца пра самога Лучыну.

  У 2016 годзе адзначалася 85-годдзе з дня нараджэння крытыка і літаратуразнаўцы, прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксея Пяткевіча, які нарадзіўся ў Новым Свержані. Аляксей Пяткевіч неаднаразова бываў у школе, падараваў шмат сваіх кніг. Да юбілейнай даты была арганізавана выстава кніг Аляксея Пяткевіча, у старэйшых класах былі праведзены гутаркі, арганізавана экскурсія да дома, дзе нарадзіўся вучоны, да тых мясцін ля Нёмана, якія апісаны ў яго эсэ “Мой Нёман праз гады”.

  Сабраны матэрыял пра Язэпа Лёсіка, дзядзьку Якуба Коласа. Лёс беларускага мовазнаўцы і пісьменніка Язэпа Лёсіка ў пэўнай ступені звязаны з гісторыяй нашай вёскі. Справа ў тым, што нарадзіўся ён у вёсцы Мікалаеўшчына, не раз бываў у Новым Свержані, наведваючы сваіх знаёмых і сяброў. Ён удзельнічаў у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі, уваходзіў у склад Рады. Працаваў у БДУ, выдаў шэраг кніг па беларускай мове. У 1928 годзе стаў акадэмікам. У 9 – 11 класах прайшла канферэнцыя “Язэп Лёсік – вучоны, палітык, зямляк”.

  Частым госцем у школе стаў Яўген Хвалей, які выступаў перад вучнямі, чытаў свае вершы, расказваў пра свае творчыя планы. Неаднаразова былі арганізаваны выставы твораў Яўгена Хвалея. У 10 класе у 2010 годзе па кнігах “Пацукі” і “Прынцэса з тусоўкі” была праведзена канферэнцыя.На верасень 2019 года запланавана сустрэча з гэтым славутым земляком і членамі літаратурнага аб’яднання “Аўтограф”.

  На працягу апошніх пяці гадоў былі арганізаваны выставы твораў Генрыха Далідовіча, Міколы Маляўкі.

 

  Школьны музей адыгрывае важную ролю ў выхаванні вучняў, фарміраванні ў іх гонару, сумленнасці, асабістай годнасці як неад’емных якасцей чалавека, грамадзяніна, патрыёта.

  Хочацца ўспомніць бессмяротныя словы Янкі Сіпакова: “Кожны павінен любіць свой край. Бо чалавек, які любіць зямлю, на якой нарадзіўся і якая ласкава называе яго сваім сынам, паважае свой край, які ўзгадаваў яго, становіцца моцным і мудрым, ён не можа высакамерна адносіцца да іншых краёў, да іншых земляў”.

  Без мiнулага няма нi сучаснага, нi будучага. Мiнулае – гэта пачатак. Сучаснае i будучае – працяг. Мiнулае – гэта каранi. Сучаснае – само дрэва, а будучае – плод. I як дрэва i плод немагчымы без каранёў, так сучаснае i будучае немагчымы без мiнулага, без памяцi, без спадчыны.

 

 

свернуть